З гісторыі вёскі Кастыкі Назва вёскі Кастыкі паходзіць ад асабовага мужчынскага імя Кастык ці Кастыка, якое ёсць народнаю формаю кананічнага хрысціянскага імя Канстанцін (з лаціны: пастаянны, нязменны). Гэта афіцыйная і досыць распаўсюджаная версія паходжання назвы вёскі, але існуюць таксама іншыя варыянты. Напрыклад, існуе гіпотэза ўзнікнення назвы Кастыкі ад слова “косткі”, “косці”, бо паблізу вёскі знаходзяцца старажытныя курганы — пахаванні ХІ-ХІІ стагоддзяў. Рака Вялля паступова размывала магілы ды выносіла на паверхню косткі, а тых, хто жыў каля гэтых костак, магчыма пачалі называць “кастыкамі”. У тлумачальным слоўніку Даля: “Кастык - пляскатае шыла з зачэпкаю, прылада плесці лапці”. Магчыма, даўней у вёсцы жылі майстры, якія выраблялі гэтыя прылады або плялі лапці. Праз гэта вёска і атрымала сваю назву. Так ці інакш, але першая пісьмовая згадка населенага пункту з назваю Кастыкі сустракаецца ў гістарычных крыніцах за 1613 год. На той час гэта было сяло ў складзе маёнтка Сэрвач Ашмянскага павету Віленскага ваяводства, уласнасць капітулы віленскай і князя Бенедыкта Войны. У 1690 годзе маёнтак ужо быў уласнасцю Стэфана Яна Слізня, пісара земскага ашмянскага. У 1756 годзе маёнтак належаў Міхалу Адаму Слізню, падканюшаму ВКЛ, які пабудаваў у Кастыках новую уніяцкую царкву ў імя Сарака Севасційскіх Пакутнікаў. У апісанні Касцяневіцкай парафіі за 1784 год знаходзім:” Кастыкі: двор (панская сядзіба, што знаходзілася на супрацьлеглым беразе ракі Сэрвач, цяпер частка вёскі Людвінова), карчма і вадзяны млын (рэшткі млына захаваліся ў вёсцы Людвінова) — уласнасць пана Слізня. Каля млына новы прыгожы мост праз раку Сэрвач, які вядзе ў вёску Кастыкі, дзе месціцца драўляная ўніяцкая царква. Паблізу вёскі пабудавана новая прыстань для сплыву плытоў па рацэ Вяллі. Каталікоў мала, у асноўным уніяты.” Пасля 2-га падзелу Рэчы Паспалітай (1793 год) вёска ў складзе Расейскай імперыі. У 1800 годзе двор і вёска Кастыкі - супольная ўласнасць інстыкгатара (пракурора) Рафала Слізня (1 двор, 3 жыхары) ды Іосіфа Пузыноўскага (3 двары, 15 жыхароў); сяло Кастыкі - супольная ўласнасць Рафала Слізня (19 двароў, 157 сялян) і ўніяцкай плябаніі (1 двор, 5 сялян). Тут знаходзілася ўніяцкая драўляная царква, панскі драўляны дом, млын. У 1886 годзе двор і сяло Кастыкі ў складзе Княгінінскай воласці Вялейскага павета Віленскай губерні (19 двароў, 213 жыхароў, праваслаўная царква, млын). У 1897 годзе вёска (33 двары, 216 жыхароў, царква) і двор (4 двары, 23 жыхары, вадзяны млын). У 1908 годзе насельніцтва дасягнула 259 жыхароў. З 1921 па 1939 год вёска знаходзіцца ў складзе Польшчы. У 1938 годзе ў Касцяневіцкай вясковай гміне, вёска (69 двароў, 361 жыхар, праваслаўная царква) і маёнтак (6 двароў,60 жыхароў, двухпавярховы панскі дом, вадзяны млын). Маёнтак — уласнасць Тадэвуша Козел- Паклеўскага. З лістапада 1939 года Кастыкі ў складзе БССР, з 04.12.1939 года ў Вялейскім павеце і вобласці, з 15.01.1940 года ў Крывіцкім раёне, з 12.10.1940 года ў Сцешыцкім сельсавеце. У 1940 годзе былы маёнтак Кастыкі далучылі да зверасаўгаса “Сэрвач”. У час Вялікай Айчыннай вайны з 25.06.1941 года да 04.07.1944 года вёска знаходзілася пад нямецкаю акупацыяй. З фронту не вярнуліся 12 вяскоўцаў. З 20.09.1944 года Кастыкі ў складзе Маладзечанскай вобласці. 03.06.1949 года ў вёсцы стварылі сельгасарцель (калгас) “Чырвоны Сцяг”. З 16.07.1954 года Кастыкі ў Жарскім сельсавеце, з 20.01.1960 года ў Менскай вобласці, з 25.12.1962 года ў Вялейскім раёне. У 1960 годзе ў вёсцы жыве 84 чалавекі. З 1973 года ў Касцяневіцкім сельсавеце. У 1988 годзе Кастыкі ў складзе саўгаса “Беларускі”. У вёсцы 95 двароў, 199 жыхароў, крама. У 2003 годзе тут 65 гаспадарак, 106 жыхароў, крама. Дзейнічае царква ў імя Святых Сарака Севасційскіх Пакутнікаў. У 2008 годзе ў Кастыках 54 гаспадаркі, 84 жыхары, царква. У 2009 годзе 72 жыхары, царква. З 01.07.2013 года вёска ў складзе Людвіноўскага сельсавета( 39 гаспадарак, 56 жыхароў). У 2016 годзе ў Кастыках 40 гаспадарак, 53 жыхары. Дзейнічае праваслаўная царква ў імя Святых Сарака Севасційскіх Пакутнікаў. Царква ў імя Святых Сарака Севасційскіх Пакутнікаў У канцы свайго жыцця Міхал Адам Слізень (памёр 11.11.1760 г.) — палкоўнік, стараста крэўскі, падканюшы ВКЛ і тагачасны гаспадар гэтых мясцін, дае фундуш на будаўніцтва новай драўлянай уніяцкай царквы ў Кастыках. 22 сакавіка 1756 года пабудаваны храм асвяцілі ў імя Святых Сарака Севасційскіх Пакутнікаў. Сорак Севасційскіх Пакутнікаў —ваяры-хрысціяне, што прынялі пакутніцкую смерць за веру ў Хрыста ў горадзе Севасціі (раней Малая Арменія, сучасная Турэччына) ў 320 годзе. Ваяры былі родам з Кападокіі (цяпер тэрыторыя Турэччыны) і служылі ў складзе рымскага войска, якое стаяла ў Севасціі. Іхны камандзір Агрыкалай, руплівы прыхільнік паганства (язычніцтва), загадаў жаўнерам прынесці ахвяру паганскім багам. Пасля іхнае адмовы, святых ваяроў распранулі, павялі да возера і паставілі пад вартай на лёдзе на ўсю ноч. Была зіма з моцнымі маразамі. Каб зламаць волю пакутнікаў, непадалёк на беразе распалілі лазню. А першай гадзіне ночы адзін з ваяроў не вытрымаў і пабег да лазні, але як толькі ён пераступіў парог, упаў як мёртвы, а астатнія пакутнікі пачулі голас, які казаў: “Хто трываў да канца, той збаўлены будзе”. Адзін з рымлян, Аглай, убачыўшы трываласць духу хрысціян, сказаў вартаўнікам: “ І я- хрысціянін!” і далучыўся да пакутнікаў. Назаўтра варта са здзіўленнем пабачыла, што ўсе пакутнікі жывыя. Тады ваяроў вывелі з возера і перабілі ім галёнкі. Целы пакутнікаў спалілі на вогнішчы, а абвугленыя косткі кінулі ў ваду, каб хрысціяне не сабралі іх. Праз тры дні пакутнікі з’явіліся ў сне шчаснаму Пятру, епіскапу Севасційскаму і загадалі яму пахаваць парэшткі. Епіскап з колькімі клірыкамі ўночы сабраў косткі слаўных пакутнікаў і з гонарам пахаваў іх. 22 сакавіка Царква ўшаноўвае памяць Сарака Севасційскіх Пакутнікаў, а ў народзе гэта свята завецца “Саракі”. У гонар духоўнага ўчынку гэтых пакутнікаў за хрысціянскую веру царква ў Кастыках і атрымала сваё імя. Да 1839 года царква была ўніяцкаю, а пасля скасавання ўладамі Расейскай імперыі ўніяцтва ў Беларусі будынак аддалі Праваслаўнай Царкве. Большасць жыхароў прыходу прынялі праваслаўную веру. Да 1872 года царква дзейнічала самастойна. У 1873 годзе з прычыны дрэннага стану царква ў Кастыках становіцца прыпісной да Камень-Спаскай царквы згодна з указам Літоўскай Духоўнай Кансісторыі. І толькі ў 30-х гадах ХХ стагоддзя за Польшчай царква ў імя Святых Сарака Севасційскіх Пакутнікаў зноў здабывае самастойнасць і становіцца прыходскай з дзвюма прыпіснымі цэрквамі: Спаса-Праабражэнскай у в. Забалацце і Свята-Елісавецінскай у в. Зацемень. Менавіта ў гэты перыяд, з 1937 па 1939 год, настаяцелем царквы ў Кастыках служыў выбітны грамадска-палітычны і царкоўны дзеяч а. Аляксандр Коўш. Айцец Аляксандр быў вядомы тым, што публічна падтрымліваў увядзенне беларускай мовы ў царкоўнае жыццё. Вось што напісаў аб тым часе нехта пад псеўданімам “Кастычанін” у часопіс “Хрысціянская думка” (№36, 20 снежня 1938 года): “ Да 1937 года ў нас настаяцелі мяняліся вельмі часта і прыход упаў маральна. У 1937 годзе прыехаў у наш прыход а. А. Коўш. Ад першага дня яго прыезду мы пачулі ў ім блізкага да нас духам настаяцеля. Мы чуем пры кожнай Службе Божай навуку ў роднай беларускай мове. Да яго пайшлі людзі са ўсіх куткоў нашага прыходу. Цэрквы нашы, якіх маем тры, пачалі напаўняцца. Настрой маральны і духоўны падняўся. Калі раней славілася вёска п’янствам і разбоям, дык сёння ўжо год, як аб гэтым ніхто ні чуе. Прыход наш невялікі: 2 з чымсьці тысячы. Утрымаць тры царквы ёсць вялікім цяжарам, але на заклік настаяцеля а. Каўша прыхаджане самааблажыліся і адрамантавалі ўсе тры царквы. А цяпер зрабілі вялікі рамонт дому і ўсіх гаспадарскіх будынкаў, выкапалі новую студню і склеп, абгарадзілі каменнямі царкву і могілкі прывялі ў ідэальны парадак…” З гэтага ўрыўка відаць, што ў 1937-38 гадах царкву добра адрамантавалі і пабудавалі вакол яе агароджу і браму з бутавых камянёў, якія мы можам бачыць і сёння. У 1962 годзе царкву зачынілі. Найбольш каштоўныя абразы перадалі ў музеі Менску, а астатнія прыхаджане захоўвалі па сваіх хатах. На дзіва, з царквы не зрабілі ані клубу, ані складу. Мясцовыя жыхары як маглі таемна і яўна ахоўвалі сваю святыню. Летам 1989 года царква зноў адчыніла свае дзверы для вернікаў. Гэта быў адзін з першых у Беларусі адчыненых і наноў асвечаных храмаў пасля працяглага разбуральнага ганення на рэлігію. Прыхаджане пачалі вяртаць ў храм абразы, якія хавалі па хатах увесь гэты час. Але ў 2007 годзе невядомыя злачынцы абрабавалі царкву. Яны скралі 15 абразоў ХVІІІ- ХІХ стагоддзяў. Але частка старадаўніх абразоў засталася ў царкве некранутаю. За час свайго існавання царкву ў в. Кастыкі шмат разоў рамантавалі. Апошні капітальны рамонт адбыўся ў 2015 годзе: замянілі вонкавую шалёўку, змайстравалі новы гонтавы дах, замянілі вокны і дзверы, тэрыторыю вакол царквы абклалі пліткаю. Царква ў імя Святых Сарака Севасційскіх Пакутнікаў ёсць помнікам драўлянага народнага дойлідства з рысамі класіцызму. Да асноўнага прастакутняга ў плане аб’ёму далучаная пяцібаковая апсіда і бабінец, над якім узвышаецца квадратная шатровая званіца. Зрубы малітоўнай залы і апсіды пры дапамозе трох вугольных застрэшкаў накрытыя агульным дахам. Гарызантальна ашаляваныя бакавыя фасады падзеленыя арачнымі аконнымі проймамі ў простых ліштвах. Будынак абнесены бутавай агароджай з брамай. Царкву ўключылі ў Дзяржаўны спіс гісторычна-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь. Гэта найстарэйшы драўляны храм, што захаваўся да нашых дзён на Вялейшчыне і адзіны ў Беларусі, асвечаны ў памяць Святых Сарака Севасційскіх Пакутнікаў. Сёння царква дзейнічае і ёсць прыпісною до прыходу Святога Духа ў в. Рэчкі.
Очень много про Костыки есть в НИАБ Гродно. Вот список того, что там есть. Например, сохранились инвентари начиная с 1671 года.
Спасибо Андрей. Сделаю выписку дел. Может что-то поменяется, можно будет сделать фотокопию документов, что бы их спокойно можно было изучить.
https://kolekcijos.biblioteka.vu.lt/islandora/object/kolekcijos:VUB01_000679805#00001 КАРТА РЕКИ ВИЛИЙ от истока до первой торговой гавани в Костиках, сделанная во время плавания по этой реке в 1857 году КОНСТАНТОМ ХР [АБИЕ] ТЫШКЕВИЧОМ, действительным членом Вильнюсской археологической комиссии и Музея древностей. Библиотека Вильнюского университета F23
Закіну сюды, бо па ўсёй верагоднасці справа тычыцца жыхароў вёскі Кастыкі 7 лютага 1635 года паданыя Паўла Асінскага з маёнтка Кастыкі (агулам 8 чалавек) перасяклі раку Вілію, насупраць вёскі Кастыкі і пачалі рубаць дрэвы (на дровы) у Харкаўскай пушчы (недзе ва ўрочышчу насупраць самой вёскі Кастыкі). Аднак хутка туды прыйшлі сяляне з вёскі Харковічы (Харкі) на чале з войтам Харкоўскім Андрэям Ігнатовічам. Разам з ім было 10 чалавек (лічачы і яго самаго). У выніку яны збілі і абрабавалі падданых Паўла Асінскага. Як пасля высветлілася Кастыкскія сяляне насамрэч прыйшлі да гэтага ўрочышча па прыказу свайго пана Паўла Асінскага і гэтае ўрочышча насамрэч належала да маёнтка Кастыкі, а раней некальсь належала Яну Гурыну. Аднак тагачасны застаўнік маёнтка Крайск пан Крыштаф Кенсноўскі. якому належала сяло і пушча Харкоўскае нібы прыказаў сваім падданым "бараніць" гэтыя грунты ў пушчы. У выніку суд прыгаварыў яго да навязкаў. Ніжэй спіс тых сялян Кастыкскіх якіх абрабавалі і збілі жыхары вёскі Харкі. -- у Станіслава Дойліда клячу за 30 коп грошай, сані за 12 грош, хамут за 24 грошай, сякеру за 24 грошай -- у Малявы? Дойліду каня за 14 коп грошай, сані за 15 грош, хамут за 16 грошай, сякеру за 15 грошай -- у Павла Кравца клячу за 15 коп грошай, сані за 16 грош, хамут за 24 грошай, вожы за “полтрэця” (2,5) грошай -- у Івана Проновіча Краўца клячу за 6 коп грошай, сані за 16 грош, хамут за 16 грошай, сякеру за 40 грошай, рукавіцы за 16 грошай, 2 вяроўкі за “полтрэця” (2,5) грошай -- у Тымошка Дойліду клячу за 15 коп грошай,сані за 13 грош, хамут за 16 грошай,сякеру за 24 грошай -- у Купрыяна Тышка Бондара клячу за 8 коп грошай, сані за 16(?) грош, хамут за 8 грошай, сярмягу новую за 72 гроша, шапку падшытую за 48 грошай, рукавіцы за 8 грошай, сякеру за 15 грошай -- у Дземяна Цесля клячу за 16 коп грошай, сані за 15 грош,хамут за 15 грошай -- у Філіпа Бондара клячу за 12(?) коп грошай, сані за 15 грош, хамут за 12 грошай Цікавыя "прозвішчы" гэтых падданых -- Дойлід, Кравец, Цесля, Бондар -- усе звязаны з прафесіямі, аднак у дваіх з іх верагодна пазначаны сапраўдныя іх прозвішчы -- Проновіч і Тышка. Крыніца: AGAD 354-10-658 арк.42-48
Нечаканыя знаходкі. Вёска Кастыкі Ашмянскага павета (сёння Вілейскі раён Мінскай вобласці). 1760-я гг. Адзіная на ўсё Вялікае Княства Літоўскае царква з тытулам у гонар 40 Севасційскіх Мучанікаў. Была пабудавана ў 1750-х гг. паводле фундуша літоўскага падканюшага і крэўскага старосты Міхала Адама Слізеня. Севасційскія мучанікі - воіны-хрысціяне, якія ў 320 годзе н.э. прынялі смерць за веру ў горадзе Севасціі ў Малой Арменіі (сёння г.Сівас Турэцкай Рэспублікі). Цікава, чаму фундатар і мітрапаліт вырашылі абраць для новай царквы гэты незвычайны тытул? * * * Нечаканасць знаходкі палягае ў тым, што кніга інвентароў цэркваў Даўгінаўскага дэканата 1760-х гадоў захавалася ў архіве колішняга Ракаўскага базыльянскага манастыра. З даўнімі дакументамі былога архіва ўдалося пазнаёміцца дзякуючы настаяцелю Ракаўскай Праабражэнскай царквы протаіерэю Сергію Лепіну. Матар’ял Дзяніса Лісейчыкава
Ещё в 16 году Дмитрий описывал эту церковь и историю Святых. Было упомянута, что в РБ это единственная церковь с таким названием.